Усе патрабаваньні прыводзіць тут ня мае сэнсу (напрыклад, памер пляцоўкі), бо ўсё адно будзем гуляць на тым, што маем. Але даўно самому хацелася быць болей спрактыкаваным і падкаваным на выпадак узьнікненьня спрэчак, у якіх правым аказваецца найчасьцей той, хто альбо грамчэй крычэў, альбо той, хто болей матчаў па тэлевізары глядзеў (ну гэта яшчэ ня самы горшы выпадак), альбо той, хто мяркуе, што ўмее гуляць у валяйбол лепей за ўсіх астатніх.
- Гульцы займаюць месцы на пляцоўцы з адпаведнасьці з расстаноўкай. Пры гэтым крайнія гульцы ня маюць права знаходзіцца бліжэй да яе цэнтру, чым сярэдні (дапускаецца, каб хаця б частка нагі цэнтральнага гульца была бліжэй да цэнтру) (п.7.4.3.2), а гульцы пярэдняе лініі мусяць быць бліжэй да цэнтральнай лініі, чым гульцы задняе лініі (п.7.4.2.1). Пасьля выкананьня падачы гульцы маюць права перамяшчацца па ўсёй пляцоўцы сваёй каманды (п.7.4.4).
- Кожная каманда можа гуляць толькі ў межах сваёй пляцоўкі і вольнае прасторы вакол яе, то бок, не перасякаючы лінію сеткі (п.9). Праўда, ёсьць вынятак, калі гульня можа быць працягнутая ў вольнай зоне супернікаў, але да яго мы зьвернемся пазьней.
- Каманда мае права зьдзейсьніць ня больш, як тры ўдары да мячу (ня лічачы блёку) дзеля таго, каб перавесьці мяч на іншы бок пляцоўкі (п.9.1). Удар ёсьць любы дотык гульца каманды да мячу.
- Аднаму й таму самаму гульцу нельга кранаць мяч двойчы запар (п.9.1.1). Аднак у выпадку, калі мяч адначасова крануўся розных частак цела (п.9.2.3), падчас пастаноўкі гульцом блёку (п.14.2) і пасьля ўдалага блёку (п.14.4.2) двайны дотык не залічваецца.
- Два ці тры гульцы каманды могуць кранацца мячу адначасова (п.9.1.2). Гэта залічваецца як два (тры) дотыкі да мячу (п.9.1.2.1), акрамя выпадку блякаваньня. Калі з гульцоў дакрануўся да мячу толькі адзін, гэта залічваецца як адзін дотык.
- Калі мячу кранаюцца адначасова гульцы з камандаў-суперніц, каманда, якой дастаўся мяч пасьля гэтага, мае права на тры дотыкі. Асьлі ж мяч выходзіць па-за межы пляцоўкі на адной з зон, лічыцца, што ён выйшаў ад гульца супрацьлеглай каманды (п.9.1.2.2). Калі ж адначаснае крананьне імі мячу прывяло да затрымкі мячу, гэта прыводзіць да “падвойнай памылкі” і перайграваньні падачы.
- У межах сваёй гульнявое зоны гулец ня мае права карыстацца дапамогай іншых гульцоў ці якіх іншых чыньнікаў дзеля таго, каб дасягнуць мячу. Аднак, калі гулец мае зьдзейсьніць памылку (напрыклад, дакрануцца да сеткі ці заступіць на іншую палову пляцоўкі), іншыя гульцы могуць яго спыняць ці трымаць (п.9.1.3).
- Мяч можа кранацца любой часткі цела (п.9.2.1). Яго нельга лаваць ці кідаць (п.9.2.2). Мяч можа крануцца адначасова некалькіх частак цела (п.9.2.3); таксама магчымае адначаснае крананьне мячу некалькімі гульцамі, калі гэта адбылося пры пастаноўцы блёку (п.9.2.3.1).
- Лічыцца, што мяч перайшоў на іншы бок, калі ён пераляцеў цераз сетку ў межах “зоны перасячэньня”, абмежаванай верхняй часткай сеткі (п.10.1.1.1), антэнамі і іхнімі ўяўнымі працягамі паабапал краёў сеткі (10.1.1.2), столяй (10.1.1.3).
- У выпадку, калі мяч перасёк сетку па-за “зонай перасячэньня”, ён можа быць вернуты з вольнае зоны суперніка на пляцоўку сваёй каманды (п.10.1.2). Пры гэтым гулец ня можа заходзіць на пляцоўку суперніка (п.10.1.2.1) і павінен сачыць, каб мяч вяртаўся таксама па-за “зонай перасячэньня” на той самы бок пляцоўкі (п.10.1.2.2). Гульцы каманды суперніка ня маюць права замінаць пры гэтым.
- Мяч можа кранацца сеткі, пералятаючы цераз яе (п.10.2).
- Мяч, які трапляе ў сетку, застаецца ў гульні (п.10.3.1).
- Пры блякаваньні гулец мае права кранацца мячу на іншай палове пляцоўкі, асьлі пры гэтым ён не замінае праціўніку праводзіць апошні атакуючы ўдар (п.11.1.1).
- Пасьля атакі па мячы гулец мае права рукамі перасекчы сетку ў выпадку, калі непасрэдна ўдар адбыўся на ягонай палове пляцоўкі (п.11.1.2).
- Гульцам могуць перасякаць пляцоўку на бок суперніка пад сеткай, толькі калі гэта не замінае гульцам каманды суперніка (п.11.2.1). Дазваляецца кранацца зоны суперніка ступнямі ці далонямі, калі хаця б частка іх застаецца на цэнтральнай лініі ці над ёй (11.2.2.1). Датыкацца пляцоўкі суперніка інымі часткамі цела забаронена (п.11.2.2.2). У выпадку, асьлі гэта не замінае гульцам супрацьлеглай каманды, можна знаходзіцца ў вольнай зоне суперніка (п.11.2.4).
- Крананьне гульцом сеткі не зьяўляецца памылкай, асьлі пры гэтым ён не вядзе актыўныя дзеяньні, гуляе ў мяч, ці яшчэ якім-небудзь чынам уплывае на гульню (п.11.3.1). Пасьля таго, як гулец ударыў па мячы, ён можа кранацца стоек, вяровак ці іншых аб’ектаў, асьлі гэта не ўплывае на гульню (п.11.3.2). Асьлі мяч пасьля ўдару трапляе ў сетку, гэта ня лічыцца крананьнем сеткі супернікам.
- Падача выконваецца адной рукой (любой яе часткай) па мячы, які ў гэты момант падкідаецца ці выпускаецца з рук (п.12.4.1). Дазваляецца толькі адна спроба падкіданьня (выпусканьня) мячу. Перакіданьне з рукі ў руку ці вярчэньне не забаронена (п.12.4.2).
- У момант удару па мячы гулец ня мае права кранацца пляцоўкі ні ў якім іншым месцы, акрамя зоны падачы. Пасьля выкананьня ўдару гулец можа пакінуць зону падачы ці ўвайсьці ў пляцоўку (п.12.4.3).
- Пасьля сьвістку судзьдзі аб падачы гулец мае 8 сэкундаў на выкананьне ўдару (п.12.4.4). Падача, выкананая да судзейскага сьвістку, падаецца наноў (п.12.4.5).
- Гульцы каманды, якая зараз выконвае падачу, ня маюць права замінаць суперніку сачыць за выкананьнем падачы ці палётам мячу (п.12.5.1).
- Гулец пярэдняга шэрагу можа зьдзяйсьняць атаку зь любое вышыні, толькі калі кантакт зь мячом адбыўся ў ягонай уласнай зоне (п.13.2.1). Гулец задняга шэрагу можа атакаваць зь любой вышыні па-за пярэдняй зонай, асьлі ў час падскоку ён не заступіў ці не перасёк лінію атакі (п.13.2.2.1). Пасьля выкананьня ўдару гулец задняга шэрагу мае права прызямліцца ў пярэдняй зоне (п.13.2.2.2). Задні гулец можа атакаваць таксама і зь пярэдняе зоны, толькі калі ў момант удару мяч не знаходзіцца вышэй за ўзровень сеткі (п.13.2.3).
- Атакаваць пасьля падачы суперніка ў пярэдняй зоне па мячы, які знаходзіцца цалкам над сеткай, забаронена (п.13.2.4).
- Блякаваць могуць толькі гульцы пярэдняга шэрагу (п.14.1.1). Падчас блякаваньня рукі гульцоў могуць знаходзіцца па іншы бок сеткі пры ўмове, што гэта не замінае гульні супернікаў. Аднак пры гэтым нельга кранацца мячу на палове суперніка да той пары, пакуль ня будзе зьдзейсьнены атакуючы ўдар (п.14.3). Блякаваць мяч з падачы суперніка забаронена (п.14.5).
*Усе цытаты з афіцыйнага выданьня Міжнароднай фэдэрацыі валяйболу.
If you liked my post, feel free to subscribe to my rss feeds































BlogoSquare