Чаго толькі не прыдумляюць для таго, каб зацікавіць калекцыянэраў марак настолькі, што яны гатовыя выкласьці любыя грошы за марку, кошт якое ў пэрспэктыве будзе павялічвацца і павялічвацца. На філятэлістаў і спадзяюцца збольшага выдаўцы паштовых марак, калі друкуюць пэўныя калекцыі ў вялізных накладах. Але гэтыя наклады асядаюць у альбомах і ў асноўным ніколі не ўжываюцца для аплаты паштовае перасылкі. Адным са спосабаў завабіць калекцыянэраў ёсьць выпуск… пахкіх марак, якіх зьявілася за апошнія 35 год дастатне ў розных краінах. З цягам часу, магчыма, праз павелічэньне накладу такіх марак, можна будзе іх сустрэць і ў звычайнай перапісцы. Дзякуючы Tony Servies і я меў магчымасьць пабачыць хоць на малюнках тое, пра што дагэтуль ніколі ня чуў.
- Маркі Бутану з водарам ружы.
Бутан, маленькая эканамічна слабаразьвітая краіна, месьціцца між Індыяй і Кітаем. На дзіва, нястача грошай у краіне не пераходзіць у бедзтва, паколькі, па ацэнцы бесстаронніх крыніцаў, такіх, як ААН, Бутан неаднаразова прызнаваўся адным з самых задаволеных народаў у сьвеце. Адсюль, на думку аўтара арыгінальнага пасту, й ідзе тая разнастайнасьць марак, якая выдаецца тамашнім паштовым зьвязам.
У 1973 годзе шасьцімарачны набор кветак, выпушчаны ў Бутане, стаўся першымі ў сьвеце пахкімі маркамі. У працэсе друкаваньня падкладка марак прапітвалася эсэнцыяй ружаў, пасьля даштампоўваўся малюнак.
Схацелася да калекцыі мець падобныя? Зразумела - мала таго, што прыгожыя, дык яшчэ і прыемна пахнуць. Што мяне яшчэ болей зьдзівіла, дык гэта тое, што яны ёсьць у свабодным продажы! Чыстыя! Поўны камплект з шасьці марак! Усяго за 3 эўра! Дастаўка абыдзецца, на жаль, у два зь нечым разы даражэй…Калі хто будзе праездам у Гарлэме (можна забраць у тамтэйшай краме), папярэдзіце, калі ласка.
З часу выпуску першых пахучых марак найбольш выпускаецца марак з пахам менавіта кветак. - Індыйскія маркі з водарам язьміну.
Індыя выпусьціла гэтыя маркі зусім нядаўна, каб нагадаць усім астатнім краінам пра дзівосны водар расквітнелых расьлінаў.
Язьмінавыя дрэвы могуць быць розных памераў і формаў; большасьць відаў нагадваюць вінаградную лазу і чапляюцца за іншыя расьліны ці слупкі, расквітаючы маленькімі прыгожымі кветачкамі. Акрамя дэкаратыўнага прызначэньня, у многіх народаў гарбата з язьміну шырока ўжываецца як сродак супраць кашлю і прастуды. Таксама язьмінавая эсэнцыя выкарыстоўваецца ў парфумэрыі і для націраньняў. - Індыйскія маркі з водарам сандалавага дрэва.
Разгледзім нарэшце маркі з водарамі ня толькі кветак, а і дрэваў. Сандалавае дрэва, славутае сваёй падатлівай да апрацоўкі драўнінай, да таго ж яшчэ й адно з самых пахкіх у сьвеце. І Індыя не абмінула гэтае дрэва ў сваёй філятэлістычнай сэрыі.
У індуізьме, шырока распаўсюджанай у Індыі рэлігіі, сандалавае дрэва ўжываецца ў рытуалах. Вернікі таксама падносяць Будзе сандалавы ладан. - Бразыльскія маркі з водарам гарэлага дрэва.
У той час, як іншыя краіны выдаюць пахкія маркі дзеля падвышэньня попыту, першыя пахкія маркі Бразыліі былі надрукаваныя з мэтай наданьня ўвагі да праблемы лясных пажараў.
Выданьне 1999-га году складаецца з 4-х марак з водарам гарэлага дрэву. На марках паказаныя мурашкаед, кветка, лісток і абгарэлы пень, каб нагадаць пра пагрозу вагню ўсім жывым істотам у лесе. Выпуск гэтай сэрыі марак з пахам гарэлага дрэва быў часткай кампаніі бразыльскіх уладаў па папярэджаньні небясьпечных вынікаў лясных пажараў.
На гэтай марцы выяўлены тамтэйшы мурашкаед, які падпадае пад пагрозу жыцьцю ў выпадку ляснога пажару. - Бразыльскія маркі з водарам кавы.
Бразыльскія паштавікі ўвасьлед за выпускам марак з пахам гарэлага дрэва (ня вельмі прыемны пах, што ні кажы) выправіліся, выпусьціўшы марку, што ўганаравала каву.
Кава - адзін з найбольшых бразыльскіх экспартных прадуктаў, а ўласна Бразылія ёсьць лідарам па вытворчасьці кававых зярнят. Кававая індустрыя - ладны кавалак валавага ўнутранага прадукту краіны. Такім чынам, адмысловая марка была выпушчаная з мэтай аддаць належнае кававай індустрыі Бразыліі, а таксама каб кожны аматар па ўсім сьвеце мог удыхнуць пах сапраўднае бразыльскае кавы ў любы час. - Швайцарская чакалятная марка.
Выніковы прадукты апрацоўкі падобных зярнят — чакалята — уганараваная швайцарцамі. Швайцарская чакалята вядомая ва ўсім сьвеце за сваю “мяккасьць” і багацьце водару.
Клімат Швайцарыі не дазваляе вырошчваць какава-бабы, зь якіх атрымоўваюць какаву. Таму ўся какава для чакаляты імпартуецца з краінаў з больш трапічным кліматам. Аднак гэта не замінае швайцарцам любіць тое, што яны выпускаюць: швайцарская нацыя першая ў сьвеце па спажываньні чакаляты.
Гэтая марка, якая нават абгортваецца фальгой, настолькі выглядае падобнае да сапраўднае чакаляткі, што ажно хочацца паспрабаваць яе на смак. Але не хвалюйцеся. Тое, што яна пахне бы сапраўдная чакалятка, не азначае, што на языку ў вас адчуецца смак старога сылікатнага клею. - Кітайскія маркі з пахам сьвініны ў таматным соўсе.
Так-так, вы не памыліліся: Кітай насамрэч выдаў марку з намазанай на яе сьвінінай. А прысьвечаны выпуск быў 2007 году - Году Сьвіньні ў іхнім календары.
Кітайская кухня шырока распаўсюджаная ў розных частках сьвету. Хоць сьвініна ў таматным соўсе й ня самая экзатычная, здавалася б, ежа, аднак яна даволі вядомая паўсюль.
Далей прыведзены рэцэпт прыгатаваньня. Што ж, мажліва, пераклад стравы не зусім дакладны, таму падам і рэцэпт. Маленькія кавалачкі паніраванае сьвініны абсмажыць. Апасьля зьмяшаць яе з пасмажанай гароднінай. Падаваць пад соўсам з салодкіх інгрэдыентаў (напрыклад, цукар ці ананасы) і гострых (мяккі воцат).
Паведамлялася яшчэ, быццам клей на марцы таксама мае прысмак гэтае стравы, аднак аўтар допісу ня можа спраўдзіць гэты хвакт.
Ну вось і скончыўся невялічкі пералік пахкіх марак, сьпіс якіх, відавочна, будзе пашырацца за кошт іншых краінаў.
Цяперака - самае цікавае. Літаральна ўчора я атрымаў чарговую паштоўку зь Нямеччыны.
Ну так, нічога асаблівага, нават папера ну зусім ужо тонкаю падалася. Аднак калі я прачытаў адваротны бок… Проста выпаў у асадак. Высьвятляецца, калі пацерці па паштовачцы, то яна пачынае пахнуць гэтым сама пэрсыкам! Так што вырашыў зь яе маркі не адклейваць.
If you liked my post, feel free to subscribe to my rss feeds

































BlogoSquare