headermask image

header image

Найкаштоўныя маркі сьвету

Адным зь першых (калі ня першым) пытаньнем маіх калегаў па працы, калі яны даведаліся пра маё захапленьне філятэліяй, было пытаньне пра самую дарагую марку ў маёй калекцыі. Пытаньне прымушае задумвацца, асабліва калі пачыналася ўсё не дзеля ўкладаньня грошай у такую вось форму рухомай маёмасьці, а проста як хобі.

Што ж, я перагледзеў усе свае маркі, каб для самога сябе высьветліць гэта. Канечне ж, я ня стаў зьвярацца з каталёгамі па кожнай марцы. Проста склаў невялічкі сьпіс самых каштоўных для мяне марак.

  1. Марка адміністрацыйнай аплаты Пружанскага паветуГэта нават і не калекцыйная марка па сутнасьці, затое я ведаю на ўсе 99,5%, што ні ў кога больш такое няма. :) Служыла для адміністрацыйнай аплаты за часамі польскае ўлады (фіскальныя маркі). Прыблізна як за савецкім часам існавалі маркі для аплаты членскіх унёскаў.
  2. Выбітны беларускі паэт Янка КупалаГэтая марка каштоўная тым, што нічога болей беларускага між савецкіх марак я яшчэ дагэтуль ня бачыў. Ну максымум архітэктурныя помнікі якога Полацку. А прысьвечаных пэрсанальна беларусам марак дык і ўвогуле цяжка ўзгадаць. А тут - Купала. І дастаўся ён даволі проста і банальна: набыты ў калекцыянэра праз сэціва.
  3. Герб і сьцяг БеларусіАдныя зь першых беларускіх незалежных марак. Натуральна, што не маглі ня быць надрукаваныя нацыянальныя сымбалі, якія на той час ужо і яшчэ былі дзяржаўнымі. Іх проста прыемна мець у калекцыі. Канечне, сымболіка яшчэ вернецца і ў тым ліку на маркі, аднак па законах жанру фармат і дызайн гэтых, чацьвёртае і пятае беларускае марак, застануцца непаўторныя.

P.S. А першай беларускай маркай стаўся “Крыж Эўфрасіньні Полацкае”. Такім чынам, выдаваць маркі Беларусь пачала з 1992 году. У той час як вядомыя дзьве маркі Ўкраіны датаваныя 1991 годам, а літоўцы ў 1990-м ужо друкавалі стандартовыя выпускі, у 1991-м годзе мелі неблагі гадавы выпуск марак.

Penny BlackНу, а самая першая марка як знак паштовай аплаты зьявілася ў Вялікабрытаніі 1 траўня 1840 году. Праз свой колер і кошт стала шырокая вядомая ў сьвеце пад назвай Penny Black. Цераз год з хвосьцікам колер фону быў зьменены на чырвоны (Penny Black даводзілася “гасіць” штэмпелем чырвонага колеру, які быў вельмі кепска бачны на марцы, да таго ж лёгка зь яе адмываўся, такім чынам карыстацца адной маркай для перасылкі можна было некалькі разоў), і такая варыяцыя атрымала назоў… канечне ж, Penny Red. Ну, а профіль 15-гадовай каралевы Вікторыі ўжываўся на марках Вялікабрытаніі ажно да канца XIX стагодзьдзя. У цяперашні час на кожнай брытанскай марцы ў якасьці ідэнтыфікатара краіны выкарыстоўваецца профіль каралевы Элізабэты II. Такім чынам, ангельскім маркам ніколі не патрабавалася дадатковая ідэнтыфікацыя краіны паходжаньня.

The Найдаражэйшая марка Three Skilling Banco, выпушчаная Швэцыяй, была прададзеная на аўкцыёне ў 1996 годзе за 2.500.000 швайцарскіх франкаў (?/?/$). Зьявілася на сьвет гэтая марка, так бы мовіць, “незаплянавана”. У 1855 годзе Швэцыя друкавала свае першыя паштовыя маркі пяці розных наміналаў з выяваю швэдзкага гербу. “Нармалёвая” марка наміналам 3 скілінгі мела сіне-зялёную афарбоўку, а жоўта-аранжавы колер дастаўся гэтай марцы ад 8-скілінгавага наміналу. Першы ўладальнік, які знайшоў капэрту з такой маркай, прадаў яе за 7 швэдзкіх кронаў. Надалей, калі стала відавочна, што ў сьвеце існуе толькі адзін асобнік treeskilling yellow, кожны хвакт яе перапродажу ад 1894 году ўсталёўваў сусьветны рэкорд кошту.

One penny red brownTwo pence blueПаспрачацца са швэдамі цалкам можа Рэспубліка Маўрыкій. Першыя паштовыя маркі краіны былі выпушчаныя ў 1847 годзе. Паколькі на той час Маўрыкій зьяўляўся брытанскай калёніяй, ня дзіўна, што яны атрымалі назвы “one penny red brown” і “two pence blue”. Было надрукавана па 500 асобнікаў кожнае з марак, і вялікая колькасьць іх была разасланая з запрашэньнямі на баль, што ладзіўся ў бліжэйшы ўікэнд жонкай маўрытанскага губэрнатару.

З 1848 году на марках Маўрытаніі словаспалучэньне “post office” было замененае на “post paid”, што й зрабіла першы выпуск адна- і двухпэнсавіка ўнікальнымі і, адпаведна, надзвычай дарагімі. Што праўда, вядома некалькі асобнікаў гэтых марак, якія захаваліся да нашых часоў. Большасьць зь іх у рукох калекцыянэраў, аднак ёсьць выстаўленыя для агляду асобнікі ў Лёнданскай Брытанскай бібліятэцы (уключна з тым самым лістом-запрашэньнем на баль да маўрыкійскага губэрнатару) і яшчэ ў некалькіх музэях сьвету.

Дакладны кошт менавіта гэтых марак устанавіць не атрымалася. Вядома толькі, што апошнім разам на аўкцыёне яны выстаўляліся ў 1993 годзе ў складзе калекцыі маўрыкійскіх марак, сабранай Hiroyuki Kanai. Лот быў прададзены за суму, эквівалентную прыблізна 3,8 - 4 мільёны даляраў ЗША (па розных зьвестках).

Z Grill

У 1868 годзе пошта ЗША выпусьціла марку з “павышанай абароненасьцю ад паўторнага выкарыстаньня ў паштовай перасылцы” - 1-цэнтавы Z Grill з выявай Б.Франкліна. Каб чарнілы ад штэмпеляў лепей пранікалі ў паперу, марка мела вафлепадобную рышотку з адваротнага боку. Аднак вытворчасьць такіх марак была вельмі дарагой, таму неўзабаве ад яе адмовіліся.

Вядомыя толькі два асобнікі Z Grill. Адзін зь іх выстаўлены ў Амэрыканскім Нацыянальным музэі пошты, іншы знаходзіцца ў прыватнай калекцыі. Апошні кошт на аўкцыёне ў 1998 годзе - $935.000. Аднак пераможца аўкцыёну ў 2005 годзе абмяняў яе на блёк з чатырох марак Inverted Jenny коштам прыблізна 3 мільёны даляраў.

If you liked my post, feel free to subscribe to my rss feeds

Post a Comment

Your email is never published nor shared. Required fields are marked *

*
*