Адным з атрыбутаў ці нават сымбалем дзяржаўнасьці зьяўляецца паштовая марка. У гэтай сувязі напэўна ж невыпадкова, што першая па-сапраўднаму беларуская марка зьвязаная са зьяўленьнем нашае незалежнае дзяржавы – Беларускае Народнае Рэспублікі.
БНР, створаная ва ўмовах нямецкай акупацыі, ня была ў стане адразу выпусьціць свае паштовыя маркі. Тым ня менш, спроба такая была…
Дзесьці прыкладна ў 1919-м ці ў 1920-м гадох выйшла сэрыя марак «Асобны атрад БНР». Ёсьць меркаваньне, што яны выдадзеныя ў 1920 годзе ў Латыскай дзяржаўнай друкарні ў Рызе на замову старшыні Беларускай вайсковай камісіі ў Латвіі Кастуся Езавітава. Надпіс “Асобны атрад” сьведчыць аб тым, што маркі выпускаліся для беларускага вайсковага фармаваньня на чале з генэралам Булак-Булаховічам.
Вось гэтая першая спроба й зьяўляецца для нас кропкаю адліку – маладая дзяржава пасьпела зрабіць і нацыянальны пашпарт з выяваю Пагоні, і нават сэрыю ўласных марак.
Выдадзена 5 марак розных наміналаў. Існуюць зубцаваныя і нязубцаваныя маркі. Агульны наклад - 5 мільёнаў асобнікаў (па 1 мільёну кожны). Адносіны зубцаваных да незубцаваных - 1:1. Незубцаваныя маркі былы выдадзены дзеля зьдзешаўленьня накладу. Зь іх 250 тысяч было выраблена і бяз клею.
На ўсіх пяці марках сэрыі - адзін малюнак: маладыя сяляне, у нацыянальных строях (Магілёўскі строй) хлопец і дзяўчына, сядзяць на лаўцы ля плота. Малюнак вельмі падобны на гравюру Гарнэна, зьмешчанай ў трэцім томе выданьня «Живописная Россия» (1882 г.) пад назвай «Тыпы Магілёўскай губэрні».
Маркі былі ў выкарыстаньні з 14 лютага 1920 да 22 красавіка 1920 году. Аўтар маркі знакаміты графік-мастак Рыхард Зарыньш.
Маркі асобнага атраду дайшлі ў даволі вялікай колькасьці да нашага часу ў чыстым (нягашаным выглядзе). Справа ў тым, што маркі БНР ніколі не лічыліся сапраўднымі маркамі, таму што БНР не паўстала да канца як дзяржава. Таму, нажаль, у бальшыні выпадкаў з гэтымі маркамі немагчыма было адаслаць ліст за мяжу. Але нядаўна нашыя філятэлісты знайшлі такія выпадкі, калі гэтыя маркі хадзілі на тэрыторыі, напрыклад, тагачаснае Летувы й Заходняй Беларусі. І ў адным з нумароў выданьня «Беларускі калекцыянэр» ёсьць артыкул на гэтую тэму. Нашыя калекцыянэры адшукалі такія прыклады, але гэта, нажаль, было выключэньне з правілаў. Спробы выпускаць маркі БНР ня сталі да канца лягальнымі.
Наміналы:
5 капеек - зялёнага колеру
10 капеек - чырвонага колеру
15 капеек - фіялетавага колеру
50 капеек - цёмна-блакітнага колеру
1 рубель - бурага колеру
If you liked my post, feel free to subscribe to my rss feeds



































BlogoSquare