Ці нават карэктней паставіць пытаньне іншым чынам. Бо хацелася б тут пералічыць ня толькі «вядомых у сьвеце», але і ўласна ўнутры Ізраілю. То бок, для нас яны можа і не такія важкія постаці, але ў ізраільскім культурным, палітычным ці рэлігійным жыцьці аказвалі/аказваюць уплыў.
Ну і, акрамя таго, тут будуць сустракацца асобы, якія можа і не беларусы напоўніцу, але ж бацькі ці старэйшыя продкі маюць беларускія карані.
Па-першае, сярод завалаў сэціва знайшоўся пост Глеба Лабадзенкі, у якім зручна шукаць прэзыдэнтаў Ізраілю, якія мелі дачыненьне да Беларусі. Перафразаваў тэму ягонага посту, бо, як высьветлілася, ня ўсе, хто названыя там, нарадзіліся ў Беларусі. Тым ня меней, зь Беларусяй яны тым ці іншым чынам зьвязаныя.
- Ха?ім Вэ?йцман. Вучоны, прафэсар-хімік, сіяніст, першы прэзыдэнт Ізраілю. Нарадзіўся ў Моталі пад Пінскам у 1874 годзе.
- За?льман Шаза?р. Вучоны, пісьменьнік і публіцыст, сіянісцкі дзеяч, трэці прэзыдэнт Ізраілю. Нарадзіўся ў Міры ў 1889 годзе.
- Шымон Пэ?рэс. Ізраільскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, восьмы прэм’ер-міністар Ізраілю, дзявяты прэзыдэнт Ізраілю. Нарадзіўся ў вёсцы Вішнева Валожынскага раёну ў 1923 годзе.
- Голда Мэі?р. Ізраільская дзяржаўная і грамадзкая дзяячка, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 1969–74 гг. Нарадзілася ў Кыіве ў 1898 годзе. У 1903 сям’я, асьцерагаючыся пагромаў, пераехала ў Пінск. Праз тры гады эмігравалі ў Амэрыку. Цяпер прадмесьце, дзе вучыліся Хаім Вэйцман і Голда Мэір, зьнішчаюць. Нават не прыкрываючыся «рэстаўрацыяй».
- Іцхак Рабі?н. Ізраільскі палітычны дзеяч і военачальнік, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 1974-77 і ў 1994-95 гг. Маці, Роза Кохен, нарадзілася ў Магілеве ў 1890 годзе, у Беларусі была актывісткай моладзевай арганізацыі Бунду; у Палястыне ўключылася ў рабочы рух. Бацька, Нэхемія Рабін, нарадзіўся ў Кыіўскай губэрні ў 1884 годзе; таксама ўдзельнічаў у рабочым руху ў Эрэц-Ісраэль.
- Іцхак Шамі?р. Ізраільскі дзяржаўны і палітычны дзеяч, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 1983–84 і 1986–92 гг. Нарадзіўся ў Ружанах (цяпер Пружанскі раён) у 1915 годзе.
Па-другое, вельмі цікавы пост пра габрэяў са ўсходнеэўрапейскімі каранямі ад Захалявне дапамог адшукаць там яшчэ прынамсі аднаго прэзыдэнта Ізраілю зь беларускімі каранямі. Ды ня толькі яго.
- Эзэр Вэйцман. Ізраільскі вайсковы і палітычны дзеяч, сёмы прэзыдэнт Ізраілю, пляменьнік Хаіма Вэйцмана. Эзэраў бацька таксама нарадзіўся ў Моталі. А вось зьвестка пра сьмерць ягонага сына, нягледзячы на тое, што нарадзіўся ён ужо ў Тэль-Авіве, выклікала смутак у маталянаў.
- Мэнахэм Бэгін. Ізраільскі палітычны і дзяржаўны дзеяч, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 1977–83 гг. Нарадзіўся ў Берасьці ў 1913 годзе.
- Арыэль Шарон. Ізраільскі палітычны і вайсковы дзяяч, прэм’ер-міністар Ізраілю ў 2001-2006 гг. Бацька родам зь Берасьця, маці з-пад Чавусаў. А вось зьвестка пра тое, што дзядуля Арыэля Шарона (вынікае, па маці) жыў у Галавенчыцах Чавускага раёну.
Чаму габрэі называюць Вільню «Літоўскім Ерусалімам»
Пасьля зьнішчэньня Рэчы Паспалітае, калі другія нацыі на Беларусі былі страшэнна сьціснуты расейскім урадам, калі беларусам зусім было забаронена друкаванае слова, жыды мелі ў гэтым нейкую свабоду - нацыянальная жыдоўская культура магла разьвівацца без аніякіх перашкодаў. Тутэйшы «кагал» был свайго роду самакіраваньнем. Уся дзейнасьць разьвівалася зь Вільні. Тут друкаваліся самыя лепшыя кнігі і працягваў дзейнічаць жыдоўскі настаўніцкі інстытут.
- Элія?ху бэн Шлёма За?льман. Болей вядомы як Віленскі гаон. Талмудыст, рабін, адзін з выбітных духоўных аўтарытэтаў артадаксальнага габрэйства. Нарадзіўся ў вёсцы Сялец Бярозаўскага раёну ў 1720 годзе.
- Хаім Вало?жынэр. Вучань Віленскага гаону, рабін і пэдагог, заснавальнік валожынскага ешыботу - духоўнае акадэміі, зь якое выходзілі вялікія жыдоўскія вучоныя, пісьменьнікі і рабіны. У Валожын прыяжджалі вучыцца жыды з Каўказу, зь Нямеччыны, з Амэрыкі і г. д. З валожынскага ешыбота выйшаў і слынны жыдоўскі паэт Х. Н. Бялік. Установа дзейнічала да 1939 году. Сам заснавальнік нарадзіўся ў Валожыне ў 1749 годзе.
- Іцхак Валожынэр. Сын Хаіма, наступнік бацькі на чале ешыботу і валожынскае абшчыны. Нарадзіўся ў Валожыне.
Далей ешыботам кіравалі ўраджэнцы Беларусі Нафталі Цві Ягуда Бэ?рлін (нар. у Міры ў 1817 годзе), Ёзаф Бэер Салавейчык (Нясьвіж, 1820), Хаім Салавейчык (нар. у Валожыне, 1853), Рэфаэль Шапіра (зяць Бэрліна).
Беларускія габрэі – гэта супэрзоркі заходняе цывілізацыі
- Норбэрт Вінэр. Амэрыканскі вучоны, заснавальнік кібэрнэтыкі й тэорыі штучнага інтэлекту. Нарадзіўся ў сям’і эмігрантаў зь Беларусі. Ягоны бацька, Леа Вінэр, быў прафэсарам катэдры славянскіх моваў Гарвардзкага ўнівэрсытэту.
- Давід Сарноў. Кіраўнік радыёвяшчальнай карпарацыі ЗША, заснавальнік радыёвяшчальнае кампаніі «Эн-Бі-Сі», ганаровы доктар Калюмбійскага, Ню-Ёркскага і інш. універсітэтаў. Нарадзіўся ва Ўзьлянах пад Менскам у 1891 годзе.
- Ірвінг Бэрлін. Аўтар «God Bless America», музыкі для 19 мюзіклаў, 18 кінафільмаў і 282-х найпапулярнейшых гітоў ЗША. Магчыма, нарадзіўся ў Магілеве.
- Аарон Клуг. Ангельскі вучоны ў галіне малекулярнае біялёгіі, ляўрэат Нобэлеўскае прэміі па хіміі. Нарадзіўся ў Зэльве, Гарадзенская вобласьць, у 1926 годзе.
- Мэір Сухаўлянскі. Заснавальнік Ляс-Вэгасу, «самая загадкавая постаць амэрыканскае мафіі», што ніводнага разу не трапляўся ў турму і стаў прататыпам для Майкла Карлеонэ з «Хроснага бацькі» Марыё К’еза. Нарадзіўся ў Гародні.
- Керк Дугляс (сапраўднае імя - Ісур Данілавіч Дэмскі). Кінаактор, рэжысэр, прадусар, бацька Майкла Дугляса. Нарадзіўся ці то ў Магілеве, а можа ўжо і ў ЗША ў сям’і выхадцаў ці то з Гомельшчыны, ці то з Магілеўшчыны, у 1916 годзе.
Ну і, канечне, з самага апошняга.
Цыпі Ліўні. Ізраільская палітычная дзяячка, да нядаўняе пары віцэ-прэм’ер Ізраілю. Зараз лідарка партыі «Кадзіма». Бацька, Эйтан Ліўні (Беназовіч), нарадзіўся ў 1919 г. у Горадні.
Уффф. Гэта далёка ня ўсё… Спадзяюся, працяг будзе.
Ня так шмат маю ізраільскіх марак, як хацелася б. І зусім амаль ня маю беларускіх жыдоў на іх. А вось інфармацыя для разважаньня: хоць пра Лявона Пінскера пішуць, што ён паходзіць з Валыншчыны, але прыгадайма Самуэля Магілевера (дарэчы, пра яго размова яшчэ будзе весьціся пазьней) ды таго ж Іцхака Валожынэра. Прозьвішчы ўсіх траіх выдатна падыходзяць да назваў беларускіх местаў…
If you liked my post, feel free to subscribe to my rss feeds
































BlogoSquare
One Trackback
[…] Бэгін. Да таго, што я пра яго ўжо паведамляў раней, дадам факт, што Нобэлеўскую прэмію атрымаў за […]