Нарадзіўся 2 студзеня 1902 году ў вёсцы Шаняўцы (17 км ад Пружаны).
«Я нарадзіўся ў 1902 г. у сям’і селяніна праваслаўнага веравызнаньня. Сваё духоўнае і разумовае разьвіцьцё атрымаў дзякуючы намаганьням майго дзядулі, які любіў мяне як першага ўнука. Дзядуля быў граматным чалавекам таго часу, бо скончыў царкоўна-прыходзкую школу, а такіх шчасьліўчыкаў на той час было мала. Дзядулевымі намаганьнямі я добра засвоіў, акрамя расейскае мовы, царкоўна-славянскую і польскую мовы. За першай імпэрыялістычнай вайной эвакуяваліся ў глыб Расеі. Вярнуліся на Радзіму ў Беларусь у 1922 г. А ў 1923 г. пераехаў зь вёскі ў горад Пружану і ўладкаваўся на працу сапожнікам.»
З прозьвішчам сапраўды загадка. У дакумантах царскага часу ўжыванае прозьвішча Астапчук. У польскім пашпарце, датаваным 1930-м годам, ужо Астапчук-Патапчук (гэты пашпарт яшчэ захаваўся ў майго бацькі). Захаваўся і атэстат 1936 году аб сканчэньні курсаў майстроў сапожнае справы.
Ужо пад Савецкім Зьвязам, атрыманае пасьведчаньне на ймя тав. Патапчука-Астапчука Рамана Мікалаевіча ў тым, што ён зь 1 чэрвеня па 30 сьнежня 1940 г. праходзіў навучаньне на шасьцімесячных рэспубліканскіх бібліятэчных курсах. Ну і гэтак далей, пакуль не зьнікае падвойнае прозьвішча, пакідаючы нас Патапчукамі.
Валодаў расейскай, польскай, украінскай мовамі. Зь 1 верасьня 1944 году працаваў заведуючым Пружанскай раённай бібліятэкай. Пасьля бугальтарам у розных арганізацыях. Доўгі час працаваў заведуючым сапожнай майстэрняй. Перад пэнсыяй - майстрам сапожнае справы.
Далей узгадвае тата:
«Бацька распавядаў, як небясьпечна было за немцамі рэзаць сьвіняў. Стараліся, каб яны ня ўчулі, а немцы разьмяшчаліся ў 500 мэтрах ад хаты, дзе мы жылі ў вайну. Брат казаў, што трымалі козаў. Ну і, пэўна, апрацоўвалі зямлю ля хаты. Хата згарэла 17 ліпеня 1944 году, у дзень уваходу ў места Чырвонай Арміі.»
Ёсьць Акт №8 ад 22 лютага 1945 году з ацэнкай нанесенай сям’і шкоды ў суме 37.820 рублёў.
У сувязі з інваліднасьцю дзеда зь дзяцінства асноўным сродкам перамяшчэньня за Польшчай і да 1961 году быў ровар, пазьней ручны велавазок. З 1958 па 1966 гады для дальніх паездак ўжывалі мотакаляскі. У дзяцінстве, у вёсцы, карысталіся яшчэ конямі.
If you liked my post, feel free to subscribe to my rss feeds
































BlogoSquare